Ля вытокау лясной прамысловасцi

Другая палова ХІХ - пачатак ХХ стагоддзяў выразна засведчылі развіццё, пашырэнне лясной прамысловасці ў Беларусі. Па-першае, увогуле іншымі сталі эканамічныя зносіны. Па-другое, пачалася эпоха станаўлення чыгункі. Усё меншай станавілася залежнасць перамяшчэння лесаматэрыялу ад рэк.

Давайце зазірнём на Случчыну. У пярэдадзень Кастрыч- ніцкай рэвалюцыі ў Слуцкім павеце працавала 38 прамысловых прадпрыемстваў. Як сведчаць гісторыкі, сярод іншых промыслаў найбольшую распаўсюджанасць мелі "лесанарыхтоўкі, на якіх сяляне займаліся цэлымі вёскамі і нават валасцямі..." Перапрацоўка драўніны мела самыя розныя разгалінаванні: выраб драўлянага вугалю, выраб паташу, выганка дзёгцю, смалакурэнне. Відаць, сёння ўжо трэба і нагадаць, што такое паташ. А гэта - рэчыва ў выглядзе белага зярністага парашку са шчолачнымі ўласцівасцямі, якое атрымліваюць з попелу.

Дык хто ж займаўся лесаперапрацоўкай на Случчыне?

У маёнтку Любянец лесапільня была заснавана ў 1900 годзе.

Праіснавала да 1913 года. Працавала болей як 20 рабочых. Меўся паравы рухавік. Прыблізна гэтулькі ж рабочых працавала і на Востраўскай лесапільні - у маёнтку Востраў.

Заснаванае ў 1906 годзе, прадпрыемства таксама спыніла сваю дзейнасць у 1913 годзе.

Была лесапільня і ва ўрочышчы Вераб'ёва (у 1908-1913 гадах. 35 работнікаў. Паравы рухавік). Характэрна, што ў самім размяшчэнні пераапрацоўчых прадпрыемстваў сказвалася жаданне іх гаспадароў несці мінімальныя транспартныя затраты. І дакументы сведчаць, і старажылы памятаюць: лесапільні ўсталёўвалі ў саміх лясных масівах, на іх ускрайку, ва ўрочышчах.

Мелася лесапільня і ў вёсцы Буды (у 1905-1914 гадах). Там ужо людзей працавала крыху болей - 40 работнікаў. Той жа паравы рухавік. А вось на Старэўскім лесапільным прадпрыемстве, хаця і працавала тут усяго 35 рабочых (прыблізна, як і на ўсіх лесапільнях), акрамя паравога рухавіка, быў яшчэ і лакамабіль. Ды і Старэўская лесапільня крыху старэйшая па гадах - заснавана была ў 1897 годзе. Дарэчы, з гэтым прад- прыемствам звязана і такая гісторыя.

9 жніўня 1905 года Курлоў, які тады быў мінскім губернатарам, падпісаў данясенне ў дэпартамент паліцыі: "Сообщаю департаменту полиции, что со 2 сего августа забастовали рабочие на Старевском... лесопильном.., предъявив к владельцу требования об улучшении их быта..." На шчасце, "положение дела не внушает никаких опасений , т.к. владелец... надеется на миролюбивое разрешение требований стачечников пиломатериала ". Відаць, болей высокі ўзровень прамысловасці (лакамабіль жа!) паўплываў і на свядомасць работнікаў.

Канешне ж, абсягамі дзейнасці лесапільняў лесаперапрацоўка на лясы не абмяжоўвалася. Шмат было дваровых, прыватнасялянскіх промыслаў, дзе лес служыў сваю службу. Сяляне, асабліва зімою, калі клопаты пра ўраджай перамяшчаліся крыху на задні план, займаліся вырабам гаспадарчых прылад, майстравалі вазы, санкі. І нават - драўляны посуд. Па традыцыі развіта было на Случчыне і бондарства.

Разарваныя "суровай ніткай" імперыялістычнай вайны, рэвалюцыі, а затым і грамадзянскай вайны, традыцыі лесаперапрацоўкі пачалі ўзнаўляцца ўжо ў першай палове 1920-х гадоў. У Слуцку і Слуцкім раёне ўзнікалі новыя, без старых гаспадароў, дрэваапрацоўчыя майстэрні.

А ў 1930 годзе ў горадзе была арганізавана арцель па вырабу мэблі - сталоў, канцылярскіх шафаў і кушэтак. Час ішоў наперад.

Крыніца (источник): пиломатериалы в Москве і Беларусі.